МАЎРЫТА́НСКІ СТЫЛЬ, маўрытанскае мастацтва,
1) умоўная назва сярэдневяковага мастацтва краін Паўн. Афрыкі і Паўд. Іспаніі 11—15 ст. Узнік ад зліцця маст. традыцый Араб. халіфата, бербераў і вестготаў. Дамінаваў у архітэктуры: мячэці з унутр. дваром і адкрытай у яго шматнефавай малітоўнай шматстоўпнай залай, квадратныя ў плане мінарэты-вежы, палацы. У пабудовах выкарыстоўваліся шматлопасцевыя, стральчата-падковападобныя і фестончатыя аркі, сталактытавыя купалы, столі артэсанада, фрызы, карнізы, у аздабленні — насценная разьба па стука і дрэве, абліцоўка калон кафляй, керамічная і шкляная мазаіка, вітражы, каляровы мармур. Стыль развіваўся ад яснай тэктанічнасці форм са стрыманым дэкорам (Вялікая мячэць у Алжыры) да іх зрокавага растварэння ў дэкар. аздабленні (палац-крэпасць Альгамбра ў Гранадзе, сярэдзіна 13 — канец 14 ст.). Дэкор пабудоў і прадметаў прыкладнога мастацтва вызначаўся павышана-дэкар. арнаментам з расл., геам. і эпіграфічнымі матывамі (размаляваная люстрам фаянсавая «Ваза Фартуні» з Альгамбры).
2) Адзін з гіст. стыляў 2-й пал. 19 ст., заснаваны на выкарыстанні матываў дэкору маўрытанскай архітэктуры 11—15 ст. (будынкі сінагог у Берліне, Будапешце, Ужгарадзе, асабняк Марозавых у Маскве, 1894, арх. В.Мазырын, і інш.).
т. 10, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)